ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ТА́ЙНА,
звесткі ваен., эканам. і паліт. характару, рознага роду адкрыцці, вынаходствы і інш., якія адносяцца да дзярж. сакрэтаў і ахоўваюцца дзяржавай. Ахова Дз.т. прадугледжвае шэраг прававых, арганізац., інж.тэхн. і інш. мер па абмежаванні распаўсюджання звестак, аднесеных да дзярж. сакрэтаў. У Рэспубліцы Беларусь паводле Закона «Аб дзяржаўных сакрэтах» ад 29.11.1994 ахове падлягаюць звесткі, распаўсюджанне якіх можа нанесці шкоду нац. бяспецы, абараназдольнасці і жыццёва важным інтарэсам дзяржавы. Пералік гэтых звестак зацвярджае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь па прадстаўленні Савета Міністраў. Ахову Дз.т. ажыццяўляюць органы заканад., выканаўчай і суд. улады, органы мясц. кіравання і самакіравання, органы дзярж. кантролю і нагляду, юрыд. асобы. Парадак карыстання і распараджэння звесткамі, якія складаюць Дз.т., вызначаецца заканадаўствам. Нагляд за заканадаўствам у дзейнасці па ахове Дз.т. ўскладзены на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і падначаленых яму пракурораў. Выдаванне Дз.т. з’яўляецца крымін. злачынствам і цягне за сабой крымін. адказнасць. С.У.Скаруліс.
т. 6, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)